З 17 па 22 лютага праходзіў тыдзень беларускай мовы і літаратуры
Незвычайным выдаўся ў гімназічным календары тыдзень з 17 па 22 лютага. У гэтыя не па-зімоваму цёплыя лютаўскія дні ў гімназіі валадарыла роднае беларускае слова, бо праходзіў тыдзень беларускай мовы і літаратуры. Мэта тыдня - стварэнне ўмоў для развіцця пазнавальнай актыўнасці вучняў, сістэматычнага і мэтанакіраванага ўзбагачэння слоўнікавага запасу, папулярызацыі беларускай мовы сярод усіх удзельнікаў адукацыйнага працэсу.
Цудоўныя пералівы беларускіх песень гучалі з кожнага кабінета ўжо ў панядзелак. Удзельнікі акцыі “Спяваем і слухаем сваё, роднае, беларускае” на фізкультхвілінках спявалі беларускія песні. Ці ж можна застацца на месцы, калі гучыць “Касіў Ясь канюшыну”?!
Асаблівую зацікаўленасць гімназістаў ужо ў першы дзень тыдня выклікаў “Літаратурны вернісаж” - выстава ілюстрацый да беларускіх прыказак і прымавак, казак і твораў мастацкай літаратуры, падрыхтаваная вучнямі V-IX класаў. Немагчыма было адвесці вачэй ад герояў твораў Івана Пташнікава, краявідаў Прыдняпроўя, партрэтаў гістарычных асоб нашага мінулага.
Аўторак, серада, чацвер і пятніца – дні, калі вучні 5 “В”, 6 “В”, 7 “А”, 8 “А”, 9 “Б” завіталі ў госці да сваіх малодшых сяброў і першых настаўніц. Разам са сваімі настаўніцамі беларускай мовы яны правялі пазнавальныя хвілінкі-цікавінкі для вучняў пачатковых класаў “Размаўляйце самі і разам з намі”. Цікавыя мерапрыемствы “Роднай мовы пералівы”, “У свеце мілагучнай роднай мовы”, “Самы шчыры беларус”, “Беларуская скарбонка” паказалі, наколькі гімназісты дасціпныя і вынаходлівыя.
А вось адчуць салодкі смак роднай роднай мовы можна было ў фае гімназіі ў аўторак. Каб атрымаць салодкі пачастунак, вучням і настаўнкам гімназіі трэба было хутка і беспамылкова вымавіць прапанаваныя хуткамоўкі. Ва ўсіх гэта цудоўна атрымалася!
Напэўна, няма зараз чалавека, які не любіць сэлфі. У сераду незвычайнае фота можно было зрабіць на першым паверсе гімназіі. Кожны жадаючы выбраў сабе цікавы лагатып і змог прызнацца ў любові роднаму гораду ці прыгадаць любімую беларускую арфаграму “жы-шы пішы з літарай ы”.
Таямнічая дата 20.02.2020 стала днем правядзення гульні-конкурсу “Буслік – 2020”. 133 удзельнікі ІІІ – ХІ класаў паспарабавалі свае сілы ў веданні правіл арфаграфіі і пунктуацыі, лексікі і фразеалогіі, культуры маўлення.
У сераду і пятніцу экскурсаводы з 6 “В” класа правялі цікавую і пазнавальную экскурсію “Просім у хату, госцейкі нашы!” для вучняў ІІІ класаў. Юныя наведвальнікі этнаграфічнага кутка гімназіі пазнаёміліся з экспанатамі музея, убачылі на ўласныя вочы дамавіка і нават пачулі прыгожую беларускую калыханку.
21 лютага – Міжнародны дзень роднай мовы. З самай раніцы вучні, настаўнікі і ўсе супрацоўнікі гімназіі сталі ўдзельнікамі акцыі “Мова родная, усеабдымная”, атрымалі сэрцайка з прызнаннем у любові да роднай мовы. Шумныя перапынкі гімназіі сталі па-сапраўднаму святочнымі – гучалі беларускія песні. N.R.M., J: МОРС, NIZKIZ, “Песняры”, “NaviBand” – яскравы музычны хіт-парад ад сучасных школьнікаў! Аматары слова ў гэты ж час знаёміліся з матэрыяламі выставы, якую арганізавала загадчыца бібліятэкі гімназіі Кавалеўская Вольга Пятроўна. Паглядзець, сапраўды, было на што: зборнікі паэзіі паэтаў-землякоў, кнігі-юбіляры, а таксама беларускамоўныя кнігі айчынных і замежных аўтараў.
Напэўна, вы чулі павер’е, што ў купальскую ноч расцвітае папараць-кветка? На жаль, мала хто бачыў яе… Шчырыя ўсмешкі вучняў, агеньчыкі ў вачах настаўніц беларускай мовы гімназіі, непаседлівасць класных кіраўнікоў і выхавальнікаў групы падоўжанага дня, любоў да роднай мовы ўсіх супрацоўнікаў гімназіі стварылі сарпраўдны цуд - у гімназіі за адну ноч расцвілі рамонкі родных слоў! Яны прываблівалі водарам беларускай мовы і таямнічасцю лексічнага значэння!
Шчыры дзякуй усім удзельнікам тыдня беларускай мовы і літаратуры, арганізатарам Людміле Васільеўне, Таццяне Леанідаўне, Іне Мікалаеўне, Ірыне Уладзіміраўне, Аксане Сяргееўне за насычаныя і незабыўныя ўражанні!
Кіраўнік метадычнага аб’яднання настаўнікаў
беларускай мовы Дзяменцій Л.В.